ТА́ЛАВАЕ МА́СЛА,

сумесь арган. злучэнняў, атрыманая пры перапрацоўцы сульфатнага мыла — дадатковага прадукту сульфатнай варкі цэлюлозы.

Найб. пашырана Т.м. з хвоі — цёмна-рудая вадкасць, шчыльн. 994—1001 кг/м³, Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. Асн. кампаненты — смаляныя кіслоты (40—45%) і вышэйшыя ненасычаныя тлустыя кіслоты (прыкладна 40%), пераважна алеінавая, лінолевая і ліналенавая. мае таксама нейтральныя рэчывы (да 20%). Т.м. з драўніны лісцевых парод смаляных кіслот не мае. Солі кіслот Т.м. наз. талатамі. Выкарыстоўваюць Т.м. як сыравіну для атрымання каніфолі і вышэйшых аліфатычных кіслот, Т.м. з драўніны лісцевых і сумесі хваёвых і лісцевых парод як флотарэагент, кампанент змазачна-ахаладжальных вадкасцей.

т. 15, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)